Шмат цікавых мерапрыемстваў на розны густ прайшло ў школе з 8 па 13 красавіка.
Шмат цікавых мерапрыемстваў на розны густ прайшло ў школе з 8 па 13 красавіка. За шэсць дзён кожны клас меў магчымасць стаць удзельнікам Тыдня геаграфіі і Тыдня дзіцячай і юнацкай кнігі.
Усім вучням ад першага да адзінацатага класа, а таксама маленькім удзельнікам Школы выхаднога дня, якія ў наступным навучальным годзе стануць першакласнікамі, былі прапанаваны цікавыя праграмы.
Гэта і геаграфічная віктарына “Вакол свету за 20 мінут”, і гульні “7 цудаў Беларусі”, “Геаграфічная паказуха”, “Клуб аматараў геаграфіі”, КТС “Квітней, Беларусь!”, адкрытая трыбуна “Выкажы сваё меркаванне наконт звалак і сметнікаў” для тых, хто цікавіцца геаграфіяй.
З аматарамі дзіцячай і юнацкай кнігі ў школьнай бібліятэцы прайшла акцыя “Падары кнігу бібліятэцы”, Касмічны марафон “Падарожжа ў космас”, шчырая размова “Усё ў тваіх руках”.
На заключным этапе шасцідзённага марафона па старонках геаграфіі і любімых кніг, у суботу, адбыліся самыя значныя падзеі: Фестываль народаў Еўразіі і тэатралізаванае прадстаўленне “Свята чысціні і здароўя”.
Да Фестывалю рыхтаваліся загадзя, таму што па ўмове мерапрыемства класам неабходна было прадэманстраваць нацыянальны касцюм аднаго з народаў Еўразіі, праспяваць песню або выканаць танец такім чынам, каб гледачы, што прысутнічалі на свяце, па выступленні калектыву маглі адгадаць, што ж за народ прадстаўлены на сцэне. Варта адзначыць, што ўсе выступаючыя вельмі адказна аднесліся да заданняў. У выніку ва ўсіх атрымаліся яркія, маляўнічыя эпізоды, якія сустракаліся бурнымі апладысментамі прысутных.
А тэатралізаванае прадстаўленне гуртка “Казка” “Свята чысціні і здароўя” было цікавым і карысным і для першакласнікаў, і для будучых вучняў – наведвальнікаў Школы выхаднога дня. Дзеці атрымалі карысныя парады і самі актыўна ўдзельнічалі ў мерапрыемстве.
Пакінуць адказ