з днем вялікай перамогі!
Часцей, часцей прыпамінай…
Імёны паўшых смерцю храбрых
За родны край, наш мілы край, –
Каб над зямлёй, што млела ў ранах,
Плыў гэты сіні-сіні ранак,
Цвіў гэты белы-белы май, –
Часцей, мой друг, прыпамінай!
Прыпамінай часцей, мой друг,
Імёны тых, што ўсё зрабілі –
Вышэй усіх тваіх заслуг,
Што, як і ты, да слёз любілі
Маністы ўвосень на рабіне
І ў ліпкіх смолках майскі луг, –
Не забывай пра іх, мой друг!..
Ніл Гілевіч
9 мая мы святкуем 75-ую гадавіну Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Гэты дзень увайшоў у гісторыю чалавецтва як сімвал мужнасці і гераізму, свабоды і незалежнасці брацкіх народаў у свяшчэннай вайне з ворагамі нашай радзімы.
Беларускі народ у гады вайны праявіў масавы гераізм і стойкасць. На перадавой, у партызанскіх атрадах, у падполлі — паўсюдна мужна і самааддана змагаліся сыны і дочкі Беларусі. Разам з іншымі брацкімі народамі наш беларускі народ не толькі перамог і адстаяў сваё права вольна жыць на роднай зямлі, але і ўнёс значны ўклад у вялікую гістарычную місію — Перамогу над фашызмам. Вось чаму так важна помніць, якой цаной заваявана наша шчасце — жыць у свабоднай і суверэннай краіне.
Мы нізка схіляем галовы перад памяццю загінуўшых герояў Вялікай Айчыннай вайны. Іх баявыя здзяйсненні, гераічныя справы і ўчынкі навечна застануцца ва ўдзячнай памяці нашчадкаў.
Сёння мы шануем загінуўшых і жывых герояў бітваў Вялікай Айчыннай вайны, выказваем ім нашу бязмежную любоў і прызнанасць за доблесць і ратны подзвіг.
Нізкі паклон вам, дарагія ветэраны! Вы адстаялі свабоду і незалежнасць Радзімы ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Шчасця, моцнага здароўя вам, дарагія землякі, невычэрпнага аптымізму і поспехаў ва ўсім. Няхай неба над нашай зямлёй будзе мірным, светлым і чыстым.
Са святам Вялікай Перамогі!
Пакінуць адказ