ПАКОЙ БАЯВОЙ СЛАВЫ ВОІНАЎ-ІНТЭРНАЦЫЯНАЛІСТАЎ
У рамках плана мерапрыемстваў грамадзянска-патрыятычных спраў вучні нашай школы наведалі пакой баявой славы воінаў-інтэрнацыяналістаў, які знаходзіцца ў Пружанскім Палацы культуры. Пакой мае вялікае значэнне ў плане патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення, — гэта спроба захаваць памяць пра тых, хто не вярнуўся з афганскай вайны. На паліцах спецыяльных шаф размяшчаецца больш за дзве тысячы экспанатаў. Кожны з экспанатаў кранае за душу. Многія рэчы «рэальныя», бо яны прайшлі разам з іх уладальнікамі полымя афганскай вайны. Зброя савецкіх салдатаў і душманаў, форма абодвух бакоў, абмундзіраванне і абсталяванне, якое сапраўды выкарыстоўвалася ў баях. Побач размешчаны макеты, якія адлюстроўваюць асаблівасці той мясцовасці і паказваюць, якім чынам ладзіліся засады на савецкія калоны тэхнікі. Ілюстрацыі, шмат літаратуры таго перыяду, пісьмы, газетныя выразкі і іншыя друкаваныя матэрыялы. А яшчэ фота-здымкі, сотні фотаздымкаў нашых землякоў, якія выконвалі ў Афганістане інтэрнацыянальны абавязак: дэмбельскія альбомы, здымкі на памяць з сябрамі, некаторыя з якіх загінулі або не дажылі да гэтага часу. Цэлая гісторыя ў асобах. Гісторыя, якая хоць і адбывалася вельмі далёка ад Беларусі, але закранула многія сем’і Пружанскага раёна.
Пра ўсе экспанаты вельмі падрабязна расказаў В.М.Гарахавіцкі. З цікавасцю ветэрана слухалі наведвальнікі, многія задавалі пытанні, прасілі патрымаць у руках тую ці іншую гістарычную рэч. Няма ніякага сумнення, што многія з тых, хто ўпершыню трапіў у пакой баявой славы, абавязкова вернуцца сюды яшчэ не адзін раз. А таксама параяць зрабіць гэта сваім знаёмым.
Пакінуць адказ