Гуканне вясны
У традыцыях нашага народа закладзена асаблівае стаўленне да вясновага абуджэння прыроды і наступу доўгачаканай вясны. Каб паскорыць яе прыход, праводзіцца абрад-свята «ГУКАННЕ ВЯСНЫ». Гэта адзін з самых жыццярадасных і аптымістычных святаў, які дайшоў да нас з глыбіні стагоддзяў.
Гэтая традыцыя мае глыбокія карані: клікаць вясну пачалі яшчэ ў старажытныя часы, калі нашы продкі былі язычнікамі. Клічуць вясну звычайна ў канцы сакавіка-пачатку красавіка. Часцей за ўсё народнае свята супадае са святам царкоўным – Дабравешчанне.
Перад правядзеннем “гукання”, як правіла, упрыгожваюць тое месца, дзе яно будзе праходзіць і таму яго відаць здалёк. На дрэвы вешаюць рознакаляровыя стужкі, выразаныя з паперы фігуркі птушак… Традыцыйна выпякаюць птушачак з цеста, вочкі ім робяць з разыначак. І, вядома, сама назва падказвае, што не абыходзіцца без музыкі і песень. Асаблівасцю такіх песень з’яўляецца тое, што кожны куплет заканчваецца гучным крыкам ” Гу-у-у-у!». Як і даўней, удзельнікі абраду і госці водзяць карагоды, гуляюць у гульні.
Так навучэнцы Ліноўскай школы прынялі ўдзел у свяце “Гуканне вясны” сумесна з народным калектывам “Бабіна лета”. Усе разам спявалі вясновыя песні, вадзілі карагоды, гулялі ў гульні. Удзельніцы гурта “Бабіна лета” пачаставалі дзяцей печанымі птушачкамі.
Пакінуць адказ