Краязнаўчая экскурсія “Таленавітыя землякі Пружаншчыны”
У час вясенніх канікул вучні 7 класа Ліноўскай школы наведалі майстэрню вядомай нашай таленавітай зямлячкі Кулецкай М. М. Марыя Кулецкая — адзіны ў Пружанскім раёне ўладальнік звання «Народны майстар Рэспублікі Беларусь». Марыю Кулецкую можна назваць сапраўднай жывой энцыклапедыяй народнай творчасці. Вязанне, пляценне, у тым ліку карункаў, разьба, стварэнне саламяных “павукоў” – яшчэ аднаго традыцыйнага абярэга дома — які збіраў усю дрэнную энергію, – усё гэта вывучыла народны майстар. Але самае важнае — тое, што яна перадае свае ўменні іншым. Бо той жа роспіс па шкле быў практычна страчаны, а дзякуючы намаганням Марыі Мікалаеўны і іншыя майстры асвойваюць гэтую тэхніку. Амаль забытыя вясковыя традыцыі не адышлі ў нябыт, а наадварот, іх пераймаюць сучасныя дзеці.
У гісторыю беларускага народнага мастацтва яна перш за ўсё ўвойдзе як майстар, які адрадзіў і захаваў для нашчадкаў роспіс па шкле. Яна адпраўлялася ў экспедыцыі па Пружанскім раёне, знаходзіла гэтыя “шклінкі-маляванкі”, вывучала манеру, почырк і тэхніку малявання старых майстроў, невядомых народных мастакоў. У сваіх работах Марыя Мікалаеўна імкнецца захаваць “фішкі” старых майстроў: у якасці падкладкі выкарыстоўвае фальгу, а кожную працу абрамляе чорнай рамкай, якую наносіць выключна пяром-зорачкай і чорнай тушшу.
Пакінуць адказ